ШТА́ЙНА—ГА́РДЭНБЕРГА РЭФО́РМЫ,
буржуазныя пераўтварэнні ў 1807—14 у Прусіі, здзейсненыя ўрадамі Г.Ф.К.Штайна і К.А.Гардэнберга. У 1807—11 скасавана асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў пры захаванні феад. павіннасцей за карыстанне зямлёй; дазволены продаж зямлі ўласнікамі, што дало магчымасць купляць яе замежным сялянам і гараджанам; уведзены выкуп сялянамі іх павіннасцей пры ўмове ўступкі землеўладальніку ад трэці да паловы замацаванага за селянінам зямельнага ўчастка або выплаты 25-кратнага памеру гадавых плацяжоў за яго. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю рыначных адносін (капіталізму) у сельскай гаспадарцы пры захаванні буйнога дваранскага (юнкерскага) землеўладання і інш. феад. перажыткаў. У 1808 уведзена абмежаванае самакіраванне ў гарадах, створаны мін-вы ваен., унутр., замежных спраў, юстыцыі і фінансаў; у кожнай правінцыі ўведзена пасада обер-прэзідэнта — вышэйшага кіраўніка, што ўзмацніла бюракратычную цэнтралізацыю краіны. У 1810—11 уведзена свабода вытв. дзейнасці, якую раней стрымлівала цэхавая сістэма. Паводле ваен. рэформы 1807—14 скасаваны прывілеі дваранства на заняцце афіцэрскіх пасад, рэзка абмежаваны цялесныя пакаранні салдат, уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (1814), створана нац. міліцыя — ландвер.
т. 17, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)